У Клічаве за махлярства ў асабліва буйным памеры будуць судзіць 31-гадовага мужчыну, які выбавіў у знаёмых 227 тысяч рублёў і амаль усе прайграў у казіно.
Паводле звестак следства, з 30 ліпеня 2021 года да 12 траўня 2023 года ў Клічаве, Бабруйску і Мінску мужчына пад выглядам развіцця бізнесу завалодаў грашыма і маёмасцю 17 пацярпелых на суму звыш 227 тысяч рублёў. Замежную валюту і беларускія рублі абвінавачанаму перадавалі нават без распісак. Пацярпелым хапала вусных абяцанняў вярнуць доўг.
Як сцвярджаюць у пракуратуры, мужчына ад пачатку разумеў, што не зможа вярнуць сваім крэдыторам грошы, а большую частку сродкаў ён прайграў на стаўках у анлайн-казіно і ігральных установах.
Мужчыну выставілі абвінавачанне ў махлярстве ў асабліва буйным памеры. Санкцыя артыкула прадугледжвае ад трох да дзесяці гадоў калоніі. Крымінальная справа скіраваная ў суд.
Раней абраную ў дачыненні да абвінавачанага меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту пракурор не змяніў.