Беларускія памежнікі абвінавацілі латвійскіх сілавікоў у тым, што тыя выкінулі на беларускую тэрыторыю труп бежанца.
У ведамстве паведамілі, што ўдзень 2 сакавіка беларускі памежны нарад у Верхнядзвінскім раёне паблізу мяжы з Латвіяй выявіў траіх бежанцаў. Адзін з іх быў мёртвы.
«Са словаў замежнікаў, у Латвіі іх затрымалі вайскоўцы. Пасля здзекаў, збівання дубінкамі і ўжывання электрашокера адзін з мужчын памёр на сумежнай тэрыторыі. Потым латвійскія сілавікі вывезлі групу з целам на мяжу і выпхнулі праз брамку для жывёл», — гаворыцца ў паведамленні ДПК.
У Следчым камітэце расказалі, што працавалі на месцы здарэння і працягваюць расследаваць крымінальную справу ў дачыненні да службовых асобаў Латвіі «за злачынствы супраць бяспекі чалавецтва».