Беларуская мытня раскрыла шэрую схему ўвозу ў краіну легкавых аўтамабіляў з ЕС і ЗША транзітам праз Беларусь — падчас афармлення машын іх рэальны кошт заніжаўся калі ў два, а калі і ў пяць разоў. Па адным выпадку ўжо завялі крымінальную справу, паведамілі ў прэс-службе Дзяржаўнага мытнага камітэта (ДМК).
«Нядобрасумленныя ўдзельнікі знешнеэканамічнай дзейнасці спрабуюць увозіць транспартныя сродкі шляхам падавання недакладных звестак пра кошт машын з мэтай значнага зніжэння мытных плацяжоў, якія падлягаюць выплаце ў бюджэт Еўразійскага эканамічнага саюза (ЕАЭС)», — расказалі ў ДМК.
Часцей за ўсё падчас афармлення машын іх рэальны кошт заніжалі ў два разы, але ў некаторых выпадках розніца магла сягаць і пяціразовых памераў у дачыненні да сапраўднага сярэднярыначнага кошту.
Агулам з пачатку года выявілі ўжо 45 супрацьпраўных фактаў перамяшчэння машын праз мяжу, у шасці з іх «угледжваюцца прыкметы ўчынення крымінальных злачынстваў», расказалі ў ДМК.
Адна крымінальная справа ўжо распачатая па артыкуле 231 КК (Ухіленне ад выплаты плацяжоў, якія бяруцца мытнымі органамі ў адпаведнасці). Гаворка ідзе пра выпадак у канцы 2022 года: тады мытнікі ў пункце пропуску «Казловічы» звярнулі ўвагу на кыргызскі аўтавоз, на якім з Германіі ў Кыргызстан спрабавалі правезці шэсць аўто — у тым ліку BMW-X5, Hyndai Staria, Range Rover, Mercedes-Benz 2022 года выпуску. Рэальны кошт машын, які склаў больш за 1,1 млн еўра, занізілі амаль у 2,5 разу — на 690 тысяч еўра.
Такая махінацыя дазволіла б сэканоміць на мытных плацяжах каля 630 тысяч рублёў.