У Мінску затрымалі трох кур’ераў, якія за два дні забралі ў ахвяраў тэлефонных аферыстаў больш за 50 тысяч даляраў, паведамілі ў МУС.
Прапанову «падпрацаваць» кур’ерам затрыманыя знайшлі ў тэматычнай групе мэсэнджара. Па заданні куратара яны забіралі ў пажылых мінчан грошы, якія ў далейшым перадавалі пасярэдніку або пераводзілі на дадзены арганізатарам рахунак.
Двое з затрыманых (18 і 19 гадоў) нідзе не працуюць, яшчэ адзін (31 год) аформлены індывідуальным прадпрымальнікам.
За два дні фігуранты наведалі восем адрасоў, дзе ашуканыя пенсіянеры перадалі ім больш за 50 тысяч даляраў.
«Адна з пацярпелых па ўказанні ашуканцаў двойчы перадавала грошы старэйшаму з затрыманых. Следчымі ў дачыненні да затрыманых распачатыя крымінальныя справы за махлярства», — паведамілі ў МУС, нагадаўшы, што памочнікі махляроў нароўні з іншымі ўдзельнікамі злачынных схем адказваюць па законе, а таксама нясуць абавязак па кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, нанесенай пацярпелым.